15 сакавіка 2007 г. Сакратарыят
ГА "ТБМ імя Ф.Скарыны" прыняў Заклік да грамадзян Беларусі
Дзень Волі – галоўнае нацыянальнае свята беларусаў усяго свету
Праз год мы будзем святкаваць дзень аднаўлення беларускай дзяржаўнасці -- 90-я ўгодкі абвяшчэння БНР, першай беларускай дзяржавы ў ХХ стагоддзі. ТБМ лічыць, што ўжо зараз трэба пачаць падрыхтоўку да ўсенароднага святкавання гэтага юбілею і стварыць нацыянальны камітэт з абавязковым прадстаўніцтвам беларускай дыяспары.
Сёлета свята 25 Сакавіка прапануюць абвесціць Днём нацыянальнай еднасці, і ўжо зроблены адпаведныя звароты з боку грамадскасці да Савета Міністраў Беларусі. Далучаючыся да гэтых прапаноў, ТБМ адзначае, што галоўным фактарам яднання беларусаў у адзіную нацыю была, ёсць і заўжды будзе толькі беларуская мова, якая ў ХХ ст. была абвешчана дзяржаўнай менавіта Урадам БНР у 1918 годзе. Таму мы заклікаем усіх удзельнікаў святкавання 25 Сакавіка шырока ўжываць дзяржаўную беларускую мову ў штодзённым жыцці і тым самым далучыцца да святой справы беларускага адраджэння. |